Першая атака на аўстра-нямецкія пазіцыі пачалася а 5-й гадзіне раніцы, у аўторак 13 чэрвеня 1916 г
. Праводзілі яе 3-я і 4-я рускія арміі. Моцны артылерыйскі абстрэл нямецкай 4-й ландвернай дывізіі між Скарчавам і чыгункай Варшава-Масква працягваўся 12 гадзін. Нямецкія часткі перачакалі яго ў бетонных бліндажах. А 19-й гадзіне рускі корпус грэнадзёраў і 81 дывізія пяхоты ўдарылі на ўчастку між Калдычэўскім возерам і чыгуначнай лініяй Мінск-Баранавічы. Мэтай быў прарыў нямецкага фронту і ўдар на Баранавічы. Немцы адкрылі заграджальны агонь па наступаючых рускіх ланцугах.
Некаторым расійскім часткам пашчасціла ўварвацца ў нямецкія акопы, аднак іх амаль адразу ж выбівалі адтуль. Пасля сямі безвыніковых атак бой сціх. Найбольш гарачы бой разгарэўся каля Сталавіч. Пра страты кажа такі факт, што адно з умацаванняў недалёка ад Торчыцаў было названа немцамі «Руская магіла». Там немцы здолелі спыніць рускіх за 10 крокаў ад акопаў - пачалося жахлівае супрацьстаянне з выкарыстаннем ручных гранатаў.
Рускае камандаванне, маючы колькасную перавагу, не здолела правільна скарыстацца рэзервамі. За гэты дзень загінула ці трапіла ў палон каля 7000 расійскіх салдат. Грэнадзёрскі корпус быў амаль цалкам знішчаны. Захоплена было толькі адно нямецкае ўмацаванне «Балотны холм» на захадзе вёскі Старыя Войкавічы. Аднак ранкам 14 чэрвеня пасля артабстрэлу і штыкавой атакі немцы здолелі адбіць і яго. Пасля на баранавіцкім участку ўсё сціхла. Немцы з новым імпэтам пачалі аднаўляць свае ўмацаванні, ствараць штучныя перашкоды, нацягваць новыя шэрагі калючага дроту. Рускія ж праводзілі перагрупоўку войска, падрыхтоўку прылад для хуткага фарсіравання рэчкі Шчара. Падцягвалася цяжкая артылерыя. Новы наступ рыхтаваўся з улікам памылак. Яго мэтай быў «Брэст-Літоўск праз Баранавічы» для падтрымкі Брусілаўскага прарыву.